Тэма 4.2. Утварэнне фразеалагізмаў і іх этымалагічная класіфікацыя

Пытанні для самакантролю

  1. Ахарактарызуйце асноўныя спосабы фразеалагічнай дэрывацыі. Дайце характарыстыку фраземаў, якія ўтвараюць пласт спрадвечна беларускай фразеалогіі (агульнаславянскія, агульнаўсходнеславянскія, уласнабеларускія фразеалагізмы).. Прывядзіце прыклады.
  2. Адзначце, якія фразеалагізмы варта адносіць да запазычаных. Прывядзіце прыклады фраземаў-запазычанняў з розных моў.
  3. Прывядзіце прыклады фразеалагічных кáлек і паўкáлек.
  4. Раскажыце пра асаблівасці перакладу тэкстаў з фразеалагізмамі.

 

Практыкаванні

Практыкаванне 1. Перакладзіце фраземы з саматычнымі кампанентамі на рускую мову. Параўнайце структуру рускіх і беларускіх фразеалагізмаў. Прывядзіце свае прыклады  беларускіх фраземаў з саматычнымі кампанентамі. Растлумачце значэнне ўстойлівых выразаў. З трыма фразеалагізмамі складзіце сказы.

Галаву скруціць сабе, ні да вока ні да бока, бокі рваць, рукі развязаны, пад рукой, шчодрай рукой, аддаваць руку і сэрца, галава гуза шукае, галава ходырам ходзіць, медны лоб, у лоб, на чатыры вокі, з вока не выпускаць, біць ногі.

Практыкаванне 2. Узгадайце прыклады фраземаў, у якіх адлюстраваны падзеі з гісторыі беларускага народа. Растлумачце іх значэнне, складзіце з імі сказы.

Практыкаванне 3. Падрыхтуйце лінгвістычнае паведамленне на тэму “Народныя звычаі і павер’і ў люстэрку беларускай фразеалогіі”.   Рыхтуючыся да выступлення, звярніцеся да “Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў”  І.Я. Лепешава (Мн., 2004) і да працы У. Коваля “Чым адгукаецца слова” (Мн., 1994).

Практыкаванне 4. Прывядзіце фразеалагізмы з імёнамі герояў  антычных міфаў Геркулес, Ахілес, Пегас, Янус, Арыядна, Гіменей, Сцыла, Харыбда  (або прыметнікамі, утворанымі на аснове гэтых імён). Запішыце гэтыя фразеалагізмы, укажыце іх значэнне.

Практыкаванне 5. Прывядзіце фразеалагізмы з імёнамі біблейсікх герояў Адама, Фамы, Каіна, Арэда, Юда, Валтасар (або прыметнікамі, утворанымі на аснове гэтых імён). Запішыце гэтыя фразеалагізмы, укажыце іх значэнне.

Практыкаванне 6. Прывядзіце фразеалагізмы з імёнамі гістарычных асоб, з якімі звязаны факты жыцця народаў свету (або прыметнікамі, утворанымі на аснове гэтых імён). Запішыце гэтыя фразеалагізмы, укажыце іх значэнне.